Портал президента Республики Беларусь
Министерство культуры Республики Беларусь
Национальная библиотека РБ
Глусский районный исполнительный комитет
Могилёвский областной исполнительный комитет
Национальный правовой интернет-портал РБ

Летапіс адной вёскі, ці Як вынайсці рухавік часу?

У Глускім раёне ёсць вёска Завалочыцы. Жыхароў там няшмат. Але гісторыя вёскі вядома ад самых першых гадоў яе існавання, бо ў яе ёсць сапраўдны летапісец — Тамара Георгіеўна Кулік.

"Мне трэба ісці па зямлі"

Усё жыццё жанчыны звязана з Завалочыцамі. Тут яна нарадзілася, вырасла, скончыла школу. Пасля Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума пры размеркаванні папрасілася працаваць дадому. І вось ужо 32 гады працуе ў гэтым месцы.
— Мне пашанцавала, што я трапіла сюды, — упэўнена Тамара Георгіеўна. — Тут я ўсіх ведаю і мяне ўсе ведаюць. У горадзе мне цяжка было б жыць: там я не адчуваю сябе свабодна. Да таго ж я не люблю хадзіць па асфальце — мне трэба ісці па зямлі.
Яшчэ ў дзяцінстве, калі ўвечары ўся сям'я збіралася разам і бацькі пачыналі расказваць, што і калі адбывалася ў вёсцы, Тамара Георгіеўна ўсё запамінала, але і падумаць не магла, што калісьці толькі яна будзе ведаць гісторыю родных мясцін да дробязяў.
Завалочыцы з'явіліся на карце ў 1896 годзе дзякуючы таму, што інжынер Іосіф Жылінскі, вядомы сваімі экспедыцыямі па асушэнні балот, праводзіў у гэтых мясцінах меліяратыўныя работы. Таму і пабудаваў тут сабе палац, спіртзавод і прывёз на працу сваіх сялян. Адсюль і адна з назваў селішча: людзі прыйшлі з іншых валок. Але хлопцы не жаніліся з мясцовымі дзяўчатамі: лічылі, што тыя рабіць нічога не ўмеюць, таму і ехалі куды-небудзь шукаць нявест, а да завалочыцкіх дзяўчат прыязджалі іншыя жаніхі. Вось так і атрымалася, што карэнных жыхароў у вёсцы няма.

Справа ўсяго жыцця

— У пачатку дзевяностых гадоў усе бібліятэкары раёна атрымалі наказ сабраць гісторыю сваёй мясцовасці, — расказвае Тамара Георгіеўна. — І спачатку, шчыра кажучы, мне не хацелася за гэта брацца. Але цяпер краязнаўства стала для мяне вельмі блізкай справай. Хочацца пакінуць памяць сваім нашчадкам, зберагчы і данесці да іх нашу агульную гісторыю.
Збіраць звесткі жанчына пачала з таго, што звярнулася да ініцыятара стварэння краязнаўчага музея ў Завалочыцах — Казіміра Аляксеевіча Красноўскага. Ён ведаў шмат дат, што тычацца гісторыі вёскі, і дапамог сабраць Тамары Георгіеўне інфармацыю дарэвалюцыйнага перыяду. А потым яна хадзіла па ўсіх мясцовых арганізацыях, шукала там старажылаў і занатоўвала іх ўспаміны. Прыйшліся да месца і сямейныя аповеды.
Сваю кнігу Тамара Георгіеўна піша ад рукі: падрабязна запісвае туды ўсе падзеі, што адбываюцца ў Завалочыцах. Адкрыццё метэаралагічнай станцыі (у вёсцы з насельніцтвам каля трох соцень чалавек!), кошт прагляду першых кінастужак, адносіны людзей адно да аднаго, зімовая тэмпература ў памяшканні амбулаторыі падчас рамонту, прозвішчы людзей, што працавалі і працуюць у вёсцы... Чаго там толькі не знойдзеш! У кнізе запісана і тое, што ў мясцовым магазіне падчас будаўніцтва аграгарадка дваццаць скрынак гарэлкі і віна расходзіліся за чатыры дні. Сабраныя звесткі дапамаглі Тамары Георгіеўне, калі ў 2002 годзе яна стала яшчэ і загадчыцай мясцовага краязнаўчага музея. Дарэчы, многія з яго экспанатаў ёй давялося шукаць самой: гліняныя гаршкі, чыгунныя прасы, качалкі для бялізны, вышыўкі, прыстасаванне для выціскання мёду з сотаў дзікіх пчол. Але яна ўжо ведала, у каго шукаць.

З усяго раёна да яе пачалі прыязджаць на экскурсіі школьнікі. А паказаць і расказаць жанчыне было што. Напрыклад, мясцовыя легенды пра тое, што ў пачатку мінулага стагоддзя Іосіф Жылінскі прайграў у карты свой маёнтак памешчыку Гатоўскаму. Там пераможца пасяліў сваю жонку, а яна падпаліла будынак, каб атрымаць страхоўку і разлічыцца з даўгамі свайго мужа. Аб памеры страхоўкі можна гаварыць па тым, што памешчыцы хапіла грошай не толькі на пагашэнне даўгоў, але і на пабудову новага маёнтка, які і сёння стаіць на адной з завалочыцкіх вуліц. На некалькіх падвор'ях яшчэ функцыянуюць дрэнажныя трубы, пакладзеныя Жылінскім у канцы ХІХ стагоддзя. А яго спіртзавод спыніў сваю работу толькі пяць гадоў таму.

Папяровы "рухавік часу"

Некаторым жыхарам вёскі кніга дапамагла ў асабістых справах. Калі хтосьці ішоў на пенсію і ў яго ўзнікала пытанне са стажам, то былі патрэбны сведкі, якія б пацвердзілі, дзе чалавек працаваў і калі. Тады людзі звярталіся па дапамогу да Тамары Георгіеўны і хутка знаходзілі патрэбную інфармацыю на старонках яе летапісу. Мясцовыя настаўнікі і іх выхаванцы таксама нярэдка выкарыстоўвалі ў сваіх працах сабраныя аднавяскоўкай звесткі і потым атрымлівалі дыпломы і прэміі.
— Я вельмі шчаслівая жанчына, — усміхаецца Тамара Георгіеўна. — У мяне ёсць муж, дзеці і ўнукі, любімая праца. Мне іншага лёсу і не трэба. Я толькі хачу, каб на мяне не было крыўды ў справе, якой я займаюся, таму стараюся рабіць усё сумленна.
І нават калі на месцы сённяшніх Завалочыцаў будуць пустыя хаты і зараснікі травы за перакошаным плотам, людзі будуць глядзець на гэтыя мясціны зусім іншымі вачамі. І яна можа ганарыцца тым, што вынайшла своеасаблівы "рухавік часу", які дазволіць нашчадкам зазірнуць у мінулае. Трэба толькі перагарнуць старонку.

Молакава, В. Летапіс адной вёскі, ці Як вынайсці рухавік часу? / В. Молакава // Звязда. – 2011. – 14 верасня. – С. 4.

Пра што расказвае рукапісная кніга

У кожнай мясцовасці ёсць людзі, якія нечым выдзяляюцца сярод астатніх. Напрыклад, у Карытным гэта адзіны на ўсю Асіповіччыну ансамбль гарманістаў “Карытнянскія музыкі”. Сваю віртуозную ігру яны дзе толькі не дэманстравалі! Былі і ў Глускім раёне, у тым ліку — у Завалочыцах. Тут таксама добра развіты культурны асяродак: ёсць клуб, бібліятэка. У апошняй якраз і працуе загадчыцай Тамара Кулік, якую смела можна назваць жывым брэндам аграгарадка. За што? Жанчына — сапраўдны летапісец роднага краю. Тут нарадзілася, вырасла, тут жылі бацькі. Праца ў бібліятэцы дае магчымасць займацца і краязнаўствам, але Тамара Георгіеўна пайшла далей. Амаль за 30 гадоў сабрала багата рознай цікавай інфармацыі, якой папоўніўся краязнаўчы музей і якой, пры неабходнасці, карыстаюцца землякі.

Вось што
яна расказвае пра…

…Узнікненне назвы роднай вёскі

Напрыканцы 19 стагоддзя інжынер Іосіф Жылінскі, які займаўся асушэннем балот, вёў у аколіцах меліярацыйныя работы. Мясціны яму спадабаліся, таму пабудаваў сабе маёнтак, спіртзавод, прывёз людзей з іншых валасцей. Адсюль і пайшло – завалочынскія, з’явілася найменне – Завалочыцы.

…Мясцовыя легенды

У пачатку 20 стагоддзя памешчык Жылінскі прайграў у карты маёнтак памешчыку Гатоўскаму. У ім пасялілася жонка апошняга, якая затым падпаліла выйграны будынак, каб атрымаць страхоўку і за выручаныя грошы разлічыцца з даўгамі мужа. І не прагадала: сродкаў хапіла нават на пабудову новага маёнтка, які і зараз радуе вока сваім каларытам.

…Знакамітых землякоў

Сярод трох Герояў Савецкага Саюза, якіх нарадзіла Глушчына, двое – ураджэнцы Завалочыцкага сельсавета: Ульян Рыбак і Сцяпан Шутаў. Да слова, апошні двойчы ўдастоены гэтага высокага звання. Памяць пра іх увекавечана ў назвах вуліц Завалочыц і Глуска. Цікавая дэталь: Ульян Аляксандравіч быў стрыечным пляменнікам Сцяпана Фёдаравіча. І яшчэ. Некаторы час Рыбак лічыўся адзіным з 30 жывым Героем Савецкага Саюза Магілёўшчыны. Памёр у 2009 годзе. Аднавяскоўцы адзначаюць яго незвычайную сціпласць: жыў у сялянскай хаце, працаваў рабочым на спіртзаводзе.

…Многае іншае

У кнізе, якая пішацца ад рукі, падрабязна падаюцца ўсе падзеі, што адбываюцца ў Завалочыцах. Адкрыццё метэаралагічнай станцыі (у вёсцы з насельніцтвам каля 400 чалавек), кошт прагляду першых кінастужак, адносіны людзей адзін да аднаго, прозвішчы землякоў, якія тут працавалі і працуюць. Нават ёсць звесткі, што падчас рэканструкцыі мясцовага магазіна пры ўзвядзенні аграгарадка за 4 дні разышлося 20 скрынак гарэлкі і віна! А яшчэ пра тое, якой была зімовая тэмпература ў памяшканні амбулаторыі, калі яе рамантавалі.

Дарэчы, пра амбулаторыю

Не зайсці туды было немагчыма — прыцягвае ўвагу сучасным выглядам. І ўнутры выдатна аздоблена. Медыкі рады былі зносінам з суседзямі-журналістамі, так што пагутарылі пра многае. Парадаваў факт, што ў штаце ўстановы з 8 чалавек сямёра — жыхары аграгарадка, у тым ліку малады талковы ўрач-стаматолаг, да якога ездзяць лячыць зубы нават з Асіповіч.
“У 60-я гады медработнікі хадзілі на саўгасныя нарады, каб уладкавацца на тады самы хадавы транспарт — каня, каб дабрацца ў навакольныя вёскі, прыходзілася пад’язджаць з касірам, электрыкам, аграномам”.
“З 1953 па 1960 гады на ўліку па развіцці ў патранажнай сястры Ганны Ермалайчык знаходзілася ад 50 да 80 дзяцей”.
Гэта — вытрымкі з гісторыі Завалочыцкай амбулаторыі, напісанай Тамарай Кулік. Тэкст прэзентавалі журналістам работнікі медустановы.

Вікторчык, Н. Пра што расказвае рукапісная кніга / Н. Вікторчык // Асіповіцкі край. – 2015. – 8 чэрвеня. – С. 4.

Летапісец гісторыі Завалочыц

Ці ведалі вы, што ў Завалочыцах яшчэ колькі дзясяткаў год назад было сваё радыё? Што генерал Іосіф Жылінскі — памешчык, які заснаваў Завалочыцы, пабудаваўшы тут спіртзавод і драўляны палац, — амаль адразу прайграў іх у карты пану (па другой версіі — золатапрамыслоўцу) Гатоўскаму? І што жонка Жылінскага, а яна была заўзятай карцёжніцай, змагла адыграць назад вёску Дварэц? А жонка Гатоўскага пасля рэвалюцыі з’ехала ў Мінск, дзе рабіла розную шкоду савецкай уладзе, а потым была застрэлена пры спробе ўцёкаў? Вось якія страсці ў даўнія часы віравалі ў цяперашнім аграгарадку.

Аб усім гэтым я пачула ад Тамары Кулік, загадчыцы Завалочыцкай бібліятэкі. Так, як ведае гісторыю роднай вёскі яна, не ведае ніхто, тым больш бібліятэкар не проста знайшла розныя звесткі — яна іх яшчэ запісала ў асобную кнігу. Менавіта запісала, а не надрукавала. Не ведаю нават, ці ёсць у нашым раёне нешта падобнае да гэтай кнігі. А ўсё пачалося выпадкова, калі Тамару Кулік запрасілі загадваць мясцовым музеем баявой і працоўнай славы. На невялікім стэндзе яна ўбачыла велізарную кнігу, адкрыла — а кніга з чыстымі лістамі. Тамара Георгіеўна расказвае: “Для мяне гэта аказалася вялікай знаходкай. Я стала пісаць у гэтай кнізе гісторыю нашай вёскі — з 1886 года і па сённяшні дзень”.
І сапраўды, у гэтай унікальнай рукапіснай кнізе адлюстраваны дарэвалюцыйны і паслярэвалюцыйны перыяды, гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага аднаўлення гаспадаркі, сённяшні дзень. Цяпер у задумках бібліятэкара — выкласці гэты матэрыял у інтэрнэт. Людзям будзе цікава, пацверджанне таму — шматлікія лісты і званкі, нават з расійскага пасольства. Многіх цікавіць радавод, далёкія сваякі памешчыка Жылінскага, ды і другія людзі разлічваюць, што знойдуць нейкія дадатковыя звесткі. Раней, пакуль музей не закрылі, тут праводзіліся вялікія, гадзіны на паўтары, экскурсіі, у першую чаргу для вучняў — яны прыязджалі сюды з усіх школ раёна. Ужо нават пасля таго, як не стала Савецкага Саюза, некаторыя прыезджыя дзівіліся, што ў вёсцы ў такім добрым стане захаваўся музей.
Паверце, аповедам Тамары Георгіеўны можна заслухацца, так цікава яна расказвае аб Завалочыцах, людзях, што тут жылі і жывуць, узгадвае мясцовыя легенды. Відаць, што краязнаўчая справа захапіла жанчыну не на жарт. А ўсё магло скласціся інакш, бо ў жыцці так: памяняй адно звяно ў ланцужку — і ўсё пойдзе па-другому. Прафесія — важнае звяно, а бібліятэкарам Тамара Кулік стала, можна сказаць, выпадкова.
Пасля 10 класаў па жаданні мамы яна паступала ў педагагічны інстытут на дашкольнае аддзяленне, але не прайшла па конкурсе. А ў той час, калі ў чалавека не было працоўнага стажу, на наступны пасля заканчэння школы год не прымалі дакументы ні ў адну навучальную ўстанову. Таму завалочыцкая дзяўчына пайшла да дырэктара саўгаса прасіцца на працу, і, дзякуй богу, месца знайшлося. На наступны год яна зноў, як хацела мама, паехала паступаць на дашкольнае аддзяленне, толькі вырашыла пачаць з малога — з педвучылішча. І зноў нічога не атрымалася. Тамара Георгіеўна расказвае: “Каб не хваляваць маму, я за свае дакументы — і ў бібліятэчны тэхнікум, што знаходзіўся там жа, у Магілёве. І паступіла! А калі ў аддзеле кадраў тэхнікума разгледзелі маю працоўную кніжку, то кажуць: “Дзяўчына, вы што? Такую працу прамянялі на бібліятэкара!” А працавала я загадчыцай склада гатовай прадукцыі пры Завалочыцкім спіртзаводзе”. Адвучыўшыся ў тэхнікуме, дзяўчына вярнулася назад у родную вёску. Канешне, маладому спецыялісту цікава было даведацца гісторыю сваёй бібліятэкі. Тамара Георгіеўна ўспамінае: “Калі ў 79-м я прыступіла да працы, у бібліятэцы было 6 інвентарных кніг, я адкрыла першую і ўбачыла дату: 20 сакавіка 1951. Напэўна, гэта і ёсць дзень нараджэння нашай бібліятэкі, бачыце, у яе даволі даўняя гісторыя. Летам у нас у вёсцы адпачывае шмат расіян, украінцаў, і яны дзівяцца, што ў нас — у вёсцы! — такая бібліятэка: і два камп’ютары, і новая мэбля, і багаты фонд, нядрэнныя перыядычныя выданні”.

— Бачу, вам падабаецца ваша прафесія, — працягваем мы тым часам размову з Тамарай Георгіеўнай.

— Так. Я вельмі хацела, каб хоць адна з дачок стала бібліятэкарам, але яны абедзве пайшлі ў медыцыну. Хоць і выпадкова я трапіла ў бібліятэчную справу — гэта менавіта тое, што трэба было мне. А тое, што бібліятэка сельская… Мой брат жыве ў горадзе, дзеці ў горадзе, а я там ні за што не прыжылася б. Я вельмі стамляюся ад шуму, здаецца, нават паветра не такое на гарадскіх вуліцах.

— Ад 1 жніўня пайшоў ужо 35-ы год, як вы ўпершыню прыйшлі на працу. Ці можаце параўнаць работу бібліятэкі ранейшага часу і цяперашняга?

— Вядома, зараз зусім не тое, што было, напрыклад, у 80-я гады. Цяпер у нас і тэхніка іншая, і інтэрнэт з’явіўся. Але ў тыя часы ў дзень прывозу новых кніг я ішла на працу і баялася, што не паспею ўсё аформіць да наплыву людзей. Тады не было камп’ютараў, DVD, столькі каналаў тэлебачання, і вельмі хутка разносілася навіна, што ў бібліятэку прывезлі новыя кнігі. Як правіла, пасля абеду народ ішоў валам. Саўгас наш у той час быў на вышыні, вёска заможная, жыхароў шмат, і ў бібліятэцы людзей таксама было многа. Цяпер, канешне, не тое. А шкада, бо вёска вялікая, прыгожая. Але, ведаеце, і скардзіцца вельмі я не буду. Раней былі толькі кнігі і шмат чытачоў, зараз чытаюць менш, а наведвальнікаў усё роўна хапае. Каму ў інтэрнэт выйсці, ксеракопію зрабіць, на камп’ютары працаваць прыходзяць. Ёсць у нас чытальная зала, тут школьнікі працуюць з даведачнай літаратурай. Раней гісторыяй вёскі мала хто цікавіўся, а цяпер людзі і за гэтым прыходзяць — і школьнікі, і дарослыя, і тыя, хто выехаў ужо адсюль, а зараз прыязджае да сваіх бацькоў. Мы займаемся выдавецкай дзейнасцю, дык з мінулага года ўсе буклеты бібліятэка рыхтуе пад рубрыкай «Нашы знакамітыя землякі». Людзям хочацца ведаць свае карані.

— Мне здаецца, вы вельмі аптымістычны чалавек.

— Гэта праўда. Я разумею, што ёсць такія сітуацыі, у якіх нельга нічога змяніць, раз нешта здарылася — яно павінна было здарыцца, тады гэта трэба проста перажыць, і перажыць спакойна. Я і дзецям сваім кажу: усё, што ро-біцца, робіцца да лепшага. Ці б вы перажывалі, мітусіліся — усё роўна нічога б не змянілі, таму што зверху ўсё было вам прызначана, праз гэта вы павінны былі прайсці. А яшчэ я заўсёды імкнуся рабіць так, каб было добра сям’і. Некаторыя перажываюць: ой, людзі могуць не так зразумець, могуць нешта сказаць. А я думаю — у тых людзей свайго хапае і гора, і праблем, каб яшчэ думаць, што я так ці не так зрабіла. З другога боку, такая ўжо завядзёнка, што людзі любяць пагаварыць, папляткарыць, такая ўжо прырода чалавечая. Галоўнае, каб чалавек сам ведаў, што яго сумленне чыстае.

Васілеўская, А. Летапісец гісторыі Завалочыц / А. Васілеўская // Радзіма. - 2013. – 29 кастрычніка. – С. 3.

 

 

Публичный центр правовой информации
Районный информационно-идеологический центр
Край мой Могилёвщина
Таланты родной земли
Детский правовой сайт